Sep. 10th, 2013

ziemlarob: (Default)


Прайшоў быў яшчэ па жнівеньскай спасылцы, прапанаванай Сяргеем Навумчыкам у фэйсбуку. Ідзецца пра праект агенцтва навінаў белтэлерадыёкампаніі “Нацыянальная трылогія. Гімн, герб, флаг” (менавіта “флаг”, а не “сцяг”). Амаль 40-хвілінны тэлевізійны ролік, выраблены напярэдадні 3 ліпеня, афіцыйнага дня незалежнасці. Некалькі разоў парываўся быў выключыць, але цікаўнасць перамагла. Не цікаўнасць да таго, як ствараліся існыя афіцыйныя сцяг і герб, а да таго, як абгрунтуюць аўтары неабходнасць аднаўлення савецкіх сімвалаў. Здолеў такі праглядзець увесь ролік да канца.

Аўтары паспрабавалі за адным цягам дзве задачы выканаць: апраўдаць адраджэнне савецкіх сімвалаў і навертам абліць брудам бел-чырвона-белы сцяг і Пагоню.

Замест слова “сцяг” дыктар на працягу ўсяго роліка ўжывае расейскае “флаг”. Але што з дыктара ўзяць? Як яму напісалі, так ён і чытае.

Дыктар пра бел-чырвона-белы сцяг: “За гістарычны выдалі флаг з чырвонай паласой, які проста быў прыдуманы ў рэвалюцыйным Петраградзе, дзе гуртавалася беларускае студэнцтва...”, “Спалучэнне гэтых колераў дасць яшчэ сябе знаць у гады акупацыі...”

Кандыдат гістарычных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага архіва РБ, Анатоль Вялікі, гаворачы пра колеры афіцыйнага герба: “... больш насычаным стаў колер клевера ...” (Дарма, што вядучы навуковы супрацоўнік, “Лупім на трасянцы!”).

Хоць “колер клевера” і разануў па вушах, але ён адразу пабляк у святле гістарычна-этнаграфічных экскурсаў датычна беларускага нацыянальнага арнамента, праведзеных членам Геральдычнага савета пры прэзідэнце РБ, доктарам (!) гістарычных (!) навук, Сяргеем Расадзіным: “Нашим предкам Земля представлялась в виде ромба, квадрата, прямоугольника ...” – Во як!

І далей пра афіцыйны сцяг: “Красный цвет – это цвет жизни, зеленый цвет – христианский цвет мученичества”. – ???

А вось “Погоня – это немецкий герб по происхождению, das Reiterwappen, рыцарский герб.

Але апафеозам для мяне была заява дыктара недзе ў канцы роліка пра тое, што паколькі беларусам, маўляў, зусім не да спадобы дзяржаўны герб з ваяўнічым вершнікам (“Мы – беларусы, мірныя людзі ...”), то ў 1996 годзе “грамадства (sic!!!) ініцыявала рэферэндум” аб змене дзяржаўных сімвалаў.

Аўтараў ніколькі не бянтэжаць нязграбнасць аргументацыі, відавочнае прыцягванне за вушы псеўдагістарычных падставаў ды проста нахабная хлусня.

Канечне, нельга сказаць, што праца Ґебельса ў свой час не мела плёну, але і след памятаць, чым скончыў гітлераўскі міністр прапаганды.

Page generated Oct. 29th, 2025 06:29 am
Powered by Dreamwidth Studios