ziemlarob: (Default)
[personal profile] ziemlarob




Надоечы з’ездзіў у вёску да маці. Корпаўся на надворку, маці пайшла на могілкі наведаць нябожчыкаў сваякоў (Хата наша стаіць ля самых могілкаў. Могілкі – старыя. Некаторыя пахаванні датаваныя пачаткам 19-га стагоддзя. Адна палова – каталіцкія альбо, бы ў нас кажуць, польскія, другая – праваслаўныя, то бо рускія.). Хутка маці вярнулася, запыханая: “Ідзі да панскага склепа, там нейкія палякі прыехалі, пытаюць пра Керсноўскіх!”

Панскі склеп (па-вясковаму) – гэта грабніца паноў Керсноўскіх, былых уладальнікаў нашае вёскі, пахаваных тут у 20-я гады 19-га стогоддзя.

Пайшоў. Склеп амаль поўнасцю заглыблены ў зямлю, над зямлёю толькі сантыметраў з 30 узвышаецца двухскатны бетонны дах ды збоку адкапаны ўваход. Ля склепа – два масіўныя гранітныя помнікі, на адным высокі чыгунны крыж, на другім – гэтакі сама крыж адламаны, прыхілены да помніка. Да склепа прыехалі чацьвёра наведвальнікаў – трое мужчын і адна жанчына, як выявілася – сапраўды палякі. Жанчына сказала, што яна – Керсноўская і тут (паводле надпісаў на помніках) пахаваныя ейныя продкі. Яна запытала, як захоўвалася грабніца, хоць, мабыць, ужо сама шмат што зразумела, зірнуўшы на зарослы кустоўем, напалову засыпаны ўваход. Дый што было расказваць?
З аповедаў маёй маці я ведаў, што склеп быў “запячатаны” – уваход быў застаўлены дубовымі плашкамі і засыпаны зямлёю, і ніхто склепа не чапаў ажно да апошняе вайны. А перад самай вайною нехта з тутэйшых “разумнікаў” прапанаваў адкрыць склеп і там ад вайны хавацца. Бетонны ж! Адкрыць то – адкрылі, а вось лезьці туды, каб ад бомбаў хавацца, ясная рэч, ніхто да мерцьвякоў не палез. Што праўда, той, хто падбухторыў “распячатаць” склеп, пэўна ж, менш за ўсё думаў пра схованку. Бо даўно ўжо ішла пагалоска, быццам у склепе золата, серабра – рыдлёўкаю мяшай! Багатыя ж паны пахаваныя! Потым пачалі казаць, быццам партызаны ў склепе хавалі зброю. Хто лазіў туды – ні золата, ні зброі не знайшоў. Тым часам пасля вайны, пачынаючы недзе ад 60-х гадоў, каля склепа на могілках пачалі знаходзіць чарапы, косці, нават часткі целаў – рукі, ногі, высахлыя, бы егіпецкія муміі. Я сам бачыў. Хто іх адтуль павыцягваў – людзі ці сабакі, невядома...

Праўда, потым з ініцыятывы сельсавета гэтыя чалавечыя парэшткі ўсе сабралі, паклалі зноў у склеп ды ўваход зноў засыпалі. А сёлета вось прыйшоў – склеп зноў адкрыты. І каму рукі чэшуцца, каму карціць?

Ясная рэч, пані Керсноўскай я нічога гэтага не расказваў. Сказаў толькі, што тут, у Заходняй Беларусі ад часоў спачыну ейных продкаў столькі ўладаў памянялася, што ажно ў вачах у людзей пачало мітусіцца. А ў кожнай улады сваё разуменне, як шанаваць памяць аб продках. На тым мы і развіталіся.

А мне ўзбег на яў праклён, чуты некалі ў дзяцінстве: “Каб твае дзеці пасля тваёй смерці тваімі рэбрамі яблыкі абівалі!” Можа, над памерлымі Керсноўскімі гэтакі сама праклён вісіць, а можа, іхныя парэшткі не палічылі вартымі вечнага спачыну тыя, хто помсціў “панам-крывасмокам” за “трудзяшчыхся пралетарыяў”, а мо’ для некага гэта было проста пацехаю – Бога ж нейкі час не было?

І ўсё роўна пачуццё паганае, быццам гэта на маіх вачах тыя косці цягалі, а я маўчаў. Не было б гэтак прыкра, калі б гэтым мэтанакіравана займаліся толькі нейкія там ідэйныя сатаністы, дык жа не! На першы погляд цалкам нармальныя людзі.

Page generated Apr. 2nd, 2026 09:43 pm
Powered by Dreamwidth Studios