Спроба абстрагавацца
Mar. 5th, 2014 04:18 pm
Абстрагавацца ад: “апантаных бандэраўцаў”, “нацыстаў”, “нацыяналістаў”, “зламысных маскалёў”, “крывадушных заходніх дэмакратаў і лібералаў”, “братоў-славянаў” etc., – ад усіх тых эпітэтаў, якімі апантана ціснуць на мазгі тэле-зомба-скрыні, ад таго, што з гатовасцю глытаюць тыя, хто не мае ахвоты варушыць глуздамі.
Украіна – 603,5 тыс. км2, 45,5 млн. чал. (дзеля параўнання – па плошчы амаль утрая большая за Беларусь, па колькасці жыхароў – амаль у пяць разоў).
ІМХО – ЯНМР:
Дык вось, тры палітычныя з’явы: Украіна, Расія, Захад (умоўна Еўразвяз+ЗША).
Расіі зыскоўна мець суседам дзяржаву калі не з расійскай марыянеткаю на чале, дык прынамсі з урадам, які зазірае ў рот Крамлю.
Захад зацікаўлены ў адваротным.
І тыя, і гэтыя пажадліва зыркаюць на радовішчы антрацыту, рудаў, буйныя металургічныя, хімічныя прадпрыемствы, электраэнергетыку, урадлівыя чарназёмныя глебы, чарнаморскае ўзбярэжжа, Крым з жыватворным кліматам, нарэшце вялізны стратэгічны плацдарм амаль пасярэдзіне Еўропы. І тыя, і гэтыя ўдаюць бескарыслівых анёлаў, абяцаючы аддаць апошнюю кашулю ўкраінскаму народу.
Я не маю неабвержных доказаў, што Майдан зараней рыхтавалі ў Маскве ці ў Вашынгтоне-Бруселі, прыяцеляў у стратэгічных выведках не маю. Адно выглядае відавочным: Увесь 2013 год (ці з паўгода) украінскія СМІ цешылі сваіх гледачоў/слухачоў/чытачоў, як Украіна зажыве, зрабіўшыся асацыяваным сябрам Еўразвязу. Ды Януковіч ужо наглядаў сабе асадку з залатым пяром, каб падпісваць дамову. Ажно за шэсць дзён да ўрачыстага моманту – “Ой, не! Мне тут з Масквы патэлефанавалі, вочы расплюшчылі!” От табе маеш! Зрэшты, нават калі б 29 лістапада супраць студэнтаў не “загаварылі” гумовыя дручкі, ніякага Майдану магло б не адбыцца. Ведама ж, моладзь, калі што якое – адразу першая ўспыхвае, гэтаксама хутка і гасне. Але дручкі “загаварылі”. Ах, вось як! Тут кіяўляне ўзгадалі і чыноўнае хабарніцтва, і свае заробкі, і цэны, і як Януковіч дапамагаў “нажываць” сынку майно, і, нарэшце, плявок у твар народу ў выглядзе раптоўнае адмовы ад еўразвязаўскага “сяброўства”. Маўляў, я тут галоўны, я – дзяржава, я – народ, а вы – псік пад лаўку! Што праўда, калі ўжо ў Кіеве выраслі барыкады ды пачалося “частаванне” кактэйлямі Молатава, а ў адказ загучала вогнепальная зброя – тады ўжо пра еўразвязаўскае “сяброўства” мала хто згадваў. Галоўным патрабаваннем стала змена ўлады.
Тым часам усходнія і заходнія добразычліўцы-збавіцелі-абаронцы ўсхадзіліся ратаваць адзін ад аднаго ўкраінскі народ. Ну і, ясная рэч, палавіць у каламуце рыбку.
Сёння Ўкраіна бы той конь, што ўстаў на дыбкі, уцячэ ад пажадлівых канакрадаў ці зацугляе яго нехта – невядома.
Галоўная выснова з усяго тая, што ўкраінцы дакладна адчулі, што яны – не электарат і не насельніцтва, але народ і сіла.