May. 4th, 2012

ziemlarob: (Default)

Раз на год наведваюся ў сваё роднае сяло (каля 240 двароў, 800 насельнікаў). Сусед мой, дзядзька Юрась, мае 70 гадоў. Тут нарадзіўся, тут яго, мабыць, і пахаваюць. Усё жыцьцё на зямлі, не разгінаючыся. Увесну – арэ, сее, садзіць. Улетку – косіць. Увосень – жне, капае, зьбірае. Узімку – дровы.

Жывуць удвух, жонка (цётка Лёдзя) такая сама ўвішная працаўніца. Хоць абодва ўжо даўно на пэнсіі, але маюць карову, сьвінчо, гусей, курэй, ля хаты, у агародзе – капуста, морква, цыбуля, часнык, кроп, каляндра, штогод на 30 сотках садзяць бульбу. Што праўда, абедзьве дачкі прыяжджаюць з райцэнтру зь зяцямі ўвесну й увосень, дапамагаюць пасадзіць ды выкапаць.

Зазірнуў я да іх і гэтым разам. Шчыра абрадаваліся, прыселі за стол у летняй кухні, загаманілі адразу пра ўсё, а найболей – пра вясковыя справы.

Па праўдзе кажучы, для іх за апошнія 20 гадоў ня надта што ў жыцьці прынцыпова зьмянілася. Адно што старасьць, халера на яе... Гэтаксама й за апошнімі саветамі трымалі такую сама гаспадарку, адно што тады былі маладзейшыя, хапала сілы й часу на калгас і на ўласную гаспадарку. А сёньня... Бы той Жванецкі казаў, старасьць, як электрычка: вунь яна яшчэ там і вось яна ўжо тут! Цётка Лёдзя жартуе: Некалі ня ведала, што ёсьць такая ўстанова – раённая паліклініка, а сёньня – ужо сталы наведвальнік, з завязанымі вачыма знайду.

Пытаюся ў дзядзькі Юрася, як так зрабіць, каб моладзь пачала вяртацца ў вёску? Ну, моладзь ня моладзь, а прынамсі працаздольныя людзі. Здаецца, вунь аграгарадкоў колькі набудавалі.

Дзядзька адказвае адразу, быццам толькі гэтага пытаньня й чакаў: Го! Аграгарадкі! Вялікае сьвята! Гэтыя аграгарадкі, бы тыя лядовыя палацы – вунь колькі паўсюль набудавалі, а на чорта іх столькі! Нашча нават у мармуровых палацах ня надта ўседзіш. Во, каб тым людзям, у каго галава на плячах ды рукі з правільнага месца растуць, было магчыма добрую капейчыну ў вёсцы зарабіць, тады б і павярнуліся людцы. Ня трэба было б ніякіх аграгарадкоў выдумляць, самі людзі далі б рады і пабудавацца, і зямлю ўрабіць, і дзяржаве прадаць. Кажуць, быццам вялікія грошы выдзяляюць на вёску. Відаць, не туды тыя грошы йдуць, куды трэба. На зямлі павінен быць гаспадар, а не парабак.

Дык што, пытаю, мо’ тады СВК-калгасы скасаваць ды няхай фермеры зямлю купляюць ды гаспадараць?

Касаваць нічога ня трэба, хай на зямлі працуюць усе, хто ўмее й хоча. Адно што пакуль зямлю купляць не дазволяць, мусіць, зь фермерства нічога ня выйдзе. Ліха яго ведае, нарэшце сказаўшы! Хай начальству галава баліць. Давай, налівай свайго шляхетнага! (Дзеля такое нагоды я захапіў з сабою чорную пляскатую пляшку “Рэмі Марцін” ды палачку вэнджанае каўбасы).

Кульнулі зусім не па-эўрапейску, крэкнулі.

Дзядзька памаўчаў, узважваючы новую думку: Вунь Лукашэнку лаюць, кажуць - дыктатар! Ня бачылі яны дыктатуры! Як на мой розум, то, канечне,  шмат што трэба было б іначай рабіць. Калі ён такі змагар з карупцыяю, хай бы разабраўся хоць бы з тымі грашыма, што быццам укладаюць у сельскую гаспадарку.

Я йшоў дадому й думаў пра “начальства”, якое ў Беларусі, асабліва, у Заходняй, у 20-м стагодзьдзі мянялася столькі разоў, што ў беларусаў у вачах ажно пачало мітусіцца. Розьніца між уладамі была толькі ў тым, што адна зь беларускага селяніна сем скур драла, другая – дзесяць.

Тым часам дзядзька Юрась, ягоны бацька, а яшчэ раней ягоныя дзед, прадзед – аралі зямлю, сеялі жыта, адбудоўвалі пасьля чарговае вайны альбо "вызваленьня" спаленую хату, гадавалі дзяцей, унукаў... Ды ня надта пераймаліся наконт справядлівасьці чарговае ўлады, бо на ўласнай скуры зьведалі тую справядлівасьць. Не пераймаліся, бо ўспрымалі ўладу, як дождж у час касьбы ці замаразкі летам.

Page generated Oct. 30th, 2025 08:22 pm
Powered by Dreamwidth Studios